— Спадарыня Караткевіч, які сэнс ад вашага ўдзелу ў так званых выбарах? Ужо шмат год гэтае мерапрыемства абмінаю, чаму мне трэба ісці і галасаваць за вас? На якой мове павінен размаўляць прэзідэнт Беларусі? Як адбудоўваць адносіны з Расеяй? Як прадухіліць узнікненне «народных рэспублік» ці іншых наступстваў палітыкі Пуціна? Што рабіць з расейскімі ваеннымі базамі? Дзякуй.
Аляксандр, Менск
— Сэнс майго ўдзелу ў выбарах — каб у Беларусі пачаліся перамены, якія прывялі б да таго, што нават такім прынцыповым, як вы, не хацелася абмінаць выбарчыя ўчасткі. А крызіс каб абмінаў нашу краіну.
Прэзідэнт Беларусі павінен гаварыць па-беларуску.
Беларускай уладзе трэба перадусім зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. Годзе ўжо хадзіць з працягнутай рукой у Крэмль. Трэба супрацоўнічаць з Расіяй на роўных і з выгадай для нашай краіны.
Там, дзе ёсць адзінства нацыі, не будзе месца “зялёным чалавечкам”. Я буду працаваць на тое, каб наш народ быў маналітам, якому не страшныя любыыя дзеянні чужых палітыкаў.
Што рабіць з расейскімі базамі, павінен вырашыць народ на рэферэндуме. Я асабіста буду галасаваць за рэальны нейтральны статус Беларусі, бо не хачу, каб нашы дзеці ваявалі за чыісьці інтарэсы за межамі краіны.