Дракахруст: Алесь, вы ў сваім блогу пералічваеце хаўрусы, якія вам не падабаюцца: «з палякамі супраць Лукашэнкі і Крамля, або з Крамлём супраць Лукашэнкі, або з Лукашэнкам і Крамлём супраць «гейропы». Або з Лукашэнкам супраць Крамля як «большага зла»». Але чамусьці не прыгадваеце яшчэ адзін хаўрус – з Захадам супраць Лукашэнкі. А чаму? Лукашэнка вось пра яго не забывае, паводле яго ўся апазыцыя і шырэй – незалежнае грамадзтва – гэта «пятая калёна» Захаду. У гэтым сэнсе вашы погляды і ягоныя аказваюцца вельмі падобнымі. Вас гэта не засмучае?
Чайчыц: У маім разуменьні Польшча і Літва – для нас гэта і ёсьць Захад. Адносна Беларусі гэтыя дзьве краіны – гэта наўпроставае ўвасабленьне Захаду.
Дракахруст: Не магу з вамі пагадзіцца. Мне здаецца, што і беларускі народ, і беларуская эліта ня надта прымаюць прэтэнзіі Варшавы і Вільні на прадстаўленьне ўсёй Эўропы. Для беларусаў Эўропа – гэта Бэрлін. Ёсьць беларусы, якія падзяляюць прэтэнзіі Польшчы і Літвы прадстаўляць для іх Эўропу, але далёка ня ўсе.
Чайчыц: Гэта дзьве краіны НАТА і ЭЗ, якія найбольш зацікаўленыя ў Беларусі, чый голас у вызначэньні эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі адыгрывае вельмі вялікую ролю. Я ня ведаю, ці робіць Бэрлін у гэтым накірунку нешта, што не падказана Варшавай і Вільняй.
А калі казаць па сутнасьці, то так – у другой палове ХХ стагодзьдзя беларусы спрабавалі выкарыстоўваць ЗША, Вялікабрытанію, каб супрацьстаяць бальшавізму.
Дракахруст: У цяперашняй беларускай сытуацыі хіба знойдзецца нейкая сіла, палітычная плынь, якая б не арыентавалася на нейкія вонкавыя сілы? Лукашэнка арыентуецца на Маскву, апазыцыя арыентуецца на Захад. А на Беларусь, атрымліваецца, ніхто не арыентуецца. Ці гэта ня так?
Чайчыц: Літоўцы, латышы і палякі здолелі ў ХХ стагодзьдзі гуляць уласную гульню. Як казаў адзін брытанскі палітык: «Брытанія ня мае сталых хаўрусьнікаў, Брытанія мае сталыя інтарэсы». Нашу суседзі здолелі быць хай і маленькімі, але кансалідаванымі суб'ектамі.
З пункту гледжаньня доўгатэрміновых беларускіх інтарэсаў добрыя журналісты павінны былі б працаваць не на польскім Белсаце і не на амэрыканскім Радыё Свабода, а ў Белтэлерадыёкампаніі ў Менску. Але для гэтага Беларусь павінна была б быць нармальнай дэмакратычнай дзяржавай. А ў нас ёсьць фундамэнтальны раскол.
У людзей няма дастаткова рэсурсаў, каб без вонкавай дапамогі нечага дамагацца ў Беларусі
http://www.svaboda.org/content/article/26862982.html