Беларусский Свободный Форум ByVybary

Беларусский Свободный Форум

Объявление

НАШ ФОРУМ ВЫСТУПАЕТ ЗА АКТИВНОЕ СОТРУДНИЧЕСТВО С ДРУГИМИ ОБЩЕСТВЕННЫМИ ТРИБУНАМИ

Информация о пользователе

Привет, Гость! Войдите или зарегистрируйтесь.


Вы здесь » Беларусский Свободный Форум » Что волнует общественность? » Нататкі эмігранта: Чатыры сцанары для Беларусі


Нататкі эмігранта: Чатыры сцанары для Беларусі

Сообщений 1 страница 3 из 3

1

Вось ужо год як Беларусь і рэшта Эўропы жыве ў новых рэаліях.

Рэаліі гэтыя настолькі адрозьніваюцца ад таго сьвету, які існаваў да лютага 2014 году, што шмат якія ўвачавідныя раней рэчы сталіся абсалютна няправільнымі і памылковымі цяпер. Рэаліі новага сьвету дыктуюць новыя стратэгічныя выклікі, у тым ліку для Беларусі. Калі раней, да лютага 2014 году мы маглі казаць пра ўладу Лукашэнкі як галоўную пагрозу будучыні нашай краіны, то цяпер галоўнай пагрозай зьяўляецца страта сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, прычым сыходзіць яна не ад Лукашэнкі (які парадаксальна стаўся гарантам незалежнасьці), а ад фашыстоўскай і абсалютна непрадказальнай суседняй краіны. У новых рэаліях становіцца актуальным тэзіс, які раз-пораз гучыць сярод беларускіх аналітыкаў: упершыню за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ягоныя асабістыя інтарэсы, інтарэсы наменклятуры, апазыцыі і грамадзтва супалі. Інтарэсы гэтыя ў тым, што мы мусім прыкласьці ўсе намаганьні, каб гарантаваць, замацаваць, а калі трэба, то і абараніць незалежнасьць нашай краіны.

Прадстаўлены ніжэй тэкст – гэта спроба прааналізаваць пагрозы і магчымасьці, што існуюць зараз для нашай краіны, і накідаць магчымыя варыянты рэакцыі дэмакратычнай супольнасьці і грамадзтва ў цэлым на той ці іншы сцанар разьвіцьця падзеяў.

Яшчэ год таму мы маглі сьмела сказаць, што жывем у стабільным і спакойным сьвеце: Эўропа ня ведала сур’ёзных вайсковых канфліктаў, а межы дзяржаваў не зьмяняліся пачынаючы з 1945 году. Увесь гэты сьвет стабільнасьці і дабрабыту зруйнаваўся цягам літаральна некалькіх тыдняў канца лютага-пачатку сакавіка 2014 году, калі пуцінская Расея спачатку акупавала, а потым анэксавала Крымскую паўвыспу, а затым разьвязала крывавую бойню на Данбасе.

Спакой і незалежнасьць Беларусі пасьля 1991 году базавалася на Будапештскім мемарандуме, паводле якога вялікія дзяржавы сусьвету (Амэрыка, Расея, Францыя ды Вялікабрытанія) гарантавалі незалежнасьць нашай краіны і прыабяцалі абараняць яе ў абмен на адмову ад беларускага ядзернага арсэналу. Украінская незалежнасьць і тэрытарыяльная суцэльнасьць базаваліся на тым самым дакуманце, бо Ўкраіна таксама адмовілася ад ядзернай зброі на тых самых умовах.

Тым больш цынічным выглядала акупацыя і наступная анэксія Крыму – адна зь дзяржаваў-гарантаў цэласнасьці Ўкраіны дазволіла сабе аддзяліць частку яе тэрыторыі і інкарпараваць яе ў свой склад. Іншыя дзяржавы-гаранты (Амэрыка, Францыя і Вялікабрытанія) таксама ня выканалі свае забавязальніцтвы па абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Такім чынам, на працягу некалькіх тыдняў Будапешсцкі мэмарандум і сыстэма ягоных гарантыяў перасталі існаваць.

Паколькі нашая незалежнасьць і тэрытарыяльная цэласнасьць былі гарантаваныя тым самым дакумантам, то трэба прызнаць непрыемную рэч: на сёньня ў Беларусі няма гарантыяў захаваньня незалежнасьці, і ніхто за нас ня ўступіцца ў выпадку збройнай агрэсіі. Мы засталіся самі па сабе. Да гэтага трэба яшчэ далічыць тое, што нашая краіна мае ўшчэнт сапсаваныя адносіны з тымі дзяржавамі, якія пры пэўных абставінах маюць сілу і ўплыў, каб абараніць нас – з ЗША і іншымі краінамі НАТА.

Усе добра разумеюць, што НАТА і ЗША не зьяўляюцца агрэсіўнымі краінамі і ніколі ня імкнуліся да акупацыі іншых дзяржаваў. Адзінае, на што здольны гэты блёк – гэта прэвэнтыўная вайна супраць той дзяржавы, якая ўяўляе сабой пагрозу для суседзяў (Югаславія ў 1999-м, Афганістан у 2002-м, Ірак у 2004-м). Таксама пры пэўных абставінах блёк НАТА можа падтрымаць паўстанцаў, якія змагаюцца супраць дыктатара, але з большага маральна, чым вайскова (Лібія і Сірыя).

Такім чынам, каб гарантаваць нэўтралітэт з боку краінаў НАТА, Беларусь павінная выконваць дзьве ўмовы: не пагражаць сваім суседзям і пазьбягаць унутраных збройных канфліктаў. Першы пункт Беларусь заўсёды выконвае: нават Лукашэнка зразумеў даўна, што каб яго пакінулі ў спакоі, трэба каб ён пакінуў у спакоі іншых. Другі пункт – адсутнасьць збройных спробаў зьмены ўлады – Беларусь таксама пакуль выконвае.

Дзеля таго ж, каб у НАТА была ахвота абараняць Беларусь у выпадку ўзьнікненьня праблемаў, Беларусі трэба мець сяброўскія адносіны з гэтым блокам, і нават пастарацца стаць калі не саюзьнікам, то прынамсі добрым адэкватным суседам. Разам з нагадваньнем пра будапештскія гарантыі гэта можа быць добрым спосабам атрымаць прынамсі палітычную падтрымку ў крызіснай сітуацыі.

З другога боку на ўсход ад Беларусі ляжыць Расея, якая зьяўляецца нашым фармальным саюзьнікам па АДКБ і ў рамках т.зв. “саюзнай дзяржавы”. Аднак чаго вартыя гарантыі і сяброўства Расеі, мы ўсе добра бачым на прыкладзе Ўкраіны. Пачынаючы зь лютага 2014 года, Расея ў асобе яе лідара Пуціна праводзіць абсалютна безадказную і непрадказальную палітыку. Што гэтая дзяржава будзе рабіць заўтра, ня ведае ніхто, уключаючы, хутчэй за ўсё, самога Пуціна.

Такім чынам, мы мусім канстатаваць, што з боку Расеі можа сыходзіць рэальная пагроза незалежнасьці і цэласнасьці Беларусі. Усе дзеяньні Беларусі павінныя быць скіраваныя на мінімізацыю пагрозы і стварэньню магчымых сцанароў рэакцыі ў тым выпадку, калі пагроза з патэнцыяльнай стане рэальнай.

Трэба прызнаць, што ў адкрытым збройным сутыкненьні з Расеяй Беларусь, пазбаўленая саюзьнікаў і нават сяброў, ня мае шансаў. Невялікі шанец у нас зьяўляецца ў тым выпадку, калі мы зможам абаперціся на краіны НАТА (калі яны яшчэ захочуць нас абараняць).

Такім чынам, стратэгічная задача Беларусі – наладжваньне адносінаў зь блёкам НАТА, але такім чынам, каб Расея не ўспрыняла гэта як пагрозу сабе і ў выніку не распачала агрэсію ў любой форме. Тобок акуратны, павольны геапалітычны разварот або хуткі незваротны разварот цягам некалькіх дзён (пераварот), каб ня даць Крамлю магчымасьці ўмяшацца ў сітуацыю. Адносна хуткі разварот, як гэта было ва Ўкраіне, цягам некалькі тыдняў ці месяцаў (рэвалюцыйны сцанар) можа выклікаць неадэкватную рэакцыю Расеі і, у выніку, страту або абмежаваньне незалежнасьці.

Даводзіцца канстатаваць, што рэвалюцыйныя зьмены ў Беларусі, пра якія цягам апошніх 15 год марыла беларуская апазыцыя, уяўляюць сабой сьмяротную пагрозу нашай дзяржаўнасьці, і іх трэба ўнікаць любым коштам.

Выглядае на тое, што аналітыкі ў адміністрацыі Лукашэнкі прыйшлі да падобных высноваў, і падзеі апошніх месяцаў – гэта спробы Лукашэнкі наладзіць адносіны з Захадам, не псуючы пры гэтым адносінаў з Расеяй. Аднак Лукашэнка застаецца Лукашэнкам – мала прадказальным і нерэфармавальным гомо савецікусам, які ня зможа пераступіць праз свае ўласныя стэрэатыпы і ўяўленьні пра сьвет. А значыць ягоная палітыка, хутчэй за ўсё, будзе пэўнай формай таптаньня на месцы без стратэгічнага бачаньня сітуацыі і без рэалізацыі нейкага (добрага ці кепскага) стратэгічнага пляну.

Таму давайце прыкінем варыянты разьвіцьця падзеяў у Беларусі і шляхі выхада з сітуацыі.

Першы сцанар я б назваў самым аптымістычным – у Беларусі застаецца “стабільнае балота”, прыкладна такое, як існуе з 1994 года. Лукашэнка па-ціху працягвае даіць Расею, пры гэтым наладжвае адносіны і з Захадам, і таму ад часу да часу адтуль яму таксама прыходзяць грошы на падтрыманьне беларускага “эканамічнага цуду”. Сацыяльны кантракт працягвае дзейнічаць: беларусы жывуць у адносным дастатку і падтрымліваюць дзеючую ўладу.

Трэба прызнаць, што гэты сцанар ва ўмовах віруючай вакол нас геапалітычнай буры не такі кепскі: беларусы ня ўдзельнічаюць у войнах і канфліктах, а краіна застаецца незалежнай і сувэрэннай. Рана ці позна штормы вакол нас скончацца, і ў новых рэаліях можна будзе паглядзець, якім чынам мадэрнізаваць эканоміку, сыстэму дзяржаўнага кіраваньня і перайсьці на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Сітуацыя кансэрвуецца, але гэта лепш за тыя рызыкі, якія нясуць рэвалюцыйныя падзеі, якія амаль што напэўна прывядуць да ўмяшальніцтва ў сітуацыю ў краіне (хутчэй за ўсё да крывавага ўмяшальніцтва!) з боку Расеі і магчымай рэакцыі (таксама далёкай ад вегетарыянскай) Захаду. Добры прыклад з гісторыі Другой Сусьветнай вайны – гэта Гішпанія, якая пераседзела ўсю вайну пры дыктатуры, але ў спакоі і адносным дабрабыце, а праграму эканамічнай мадэрнізацыі, а затым і дэмакратызацыі пачала рэалізоўваць пасьля вайны.

Другі сцанар горшы, але больш рэалістычны, чым першы. Лукашэнкаўскі “эканамічны цуд” ва ўмовах скарачэньня падтрымкі з боку Расеі прыходзіць да свайго лагічнага завершаньня – эканамічнаму калапсу, рэзкаму скарачэньню ўзроўня жыцьця і народжаным гэтым зьявамі сацыяльнаму крызісу з масавымі выступленьнямі. Гэта можа здарыцца нават праз 2-3 гады, калі Лукашэнка не атрымае грошаў на падтрымку эканомікі.

У гэтым выпадку масавыя выступленьні і рэвалюцыйныя падзеі могуць стаць рэальнасьцю Беларусі. Ва ўмовах слабасьці апазыцыі і немагчымасьці ўладзе справіцца з сітуацыяй на сцэну выйдуць зьнешнія гульцы: Расея адчуе, што ў яе адрываюць (натуральна ж праз змову Захада і апазыцыі) апошняга саюзьніка, і таму вельмі верагодна зьяўленьне “зялёных чалавечкаў” на вуліцах Менску і іншых вялікіх і малых гарадоў. Навучаны прыкрым досьведам Захад, хутчэй за ўсё, не захоча бачыць анэксію Беларусі і танкі каля Вільні і Варшавы – магчымае ня толькі палітычнае, але і вайсковае ўтручаньне. Беларусь скотваецца ў пучыну крывавай вайны, якая, хутчэй за ўсё, станецца грамадзянскай, але з умяшальніцтвам (больш ці меньш адкрытым) Расеі і НАТА.

Гэты сцанар вельмі кепскі. Ніхто ня хоча вайны ў нашым супольным доме.  Вынікам гэтай вайны можа стацца акупацыя і страта незалежнасьці нашай краіны. Таму я б сказаў, што мы мусім ЛЮБЫМ КОШТАМ пазьбягаць скатваньня да гэтага сцанару.

Лукашэнка і ягоная ўлада павінныя неадкладна пачаць мадэрнізацыю эканомікі і прыцягненьне зьнешніх інвестыцыяў, каб захаваць хаця б тое, што маем. А беларуская апазыцыя павінная неадкладна спыніць спробы шкодзіць “крываваму рэжыму” шляхам арганізацыі дыпляматычнага і эканамічнага ціску з Захаду. Нашая агульная стратэгічная задача – каб Захад стаўся саюзьнікам Беларусі. Не Лукашэнкі і не апазыцыі – а ўсёй краіны! Па магчымасьці апазыцыя павінная нават ужываць свой досьвед і сувязі для лаббіраваньня інтарэсаў беларускай эканомікі (нават пры тым, што яна лукашэнкаўская!!!), прабіваючы крэдыты, датацыі і інвестыцыі з Захаду. Лукашэнка ж можа па-ранейшаму даіць Расею – ад гэтага зла ня будзе нікому, апроч самой Расеі.

Любыя масавыя выступленьні павінныя перадухіляцца, прычым шляхам канструктыўных размоваў пратэстоўцаў і ўлады, калі трэба, то з залучэньнем апазыцыі. На пэрыяд войнаў каля беларускіх межаў павінны быць уведзены мараторый на любыя страйкі і масавыя выступленьні, ініцыяваныя апазыцыяй. Трэба памятаць, што пратэсты супраць падзеньня жыцьцёвага ўзроўня вельмі лёгка могуць выйсьці з-пад кантролю, і тады нам давядзецца бараніць незалежнасьць са зброяй у руках супраць расейскіх войскаў – зь непрадказальным вынікам.

Трэці сцанар трэба таксама браць пад увагу. Лукашэнка можа проста памерці ў пэўны дзень. Гэты шанец апазыцыя павінная выкарыстаць для рэзкага геапалітычнага развароту, пакуль лукашэнкаўскія сатрапы і Крэмль не ачухаюцца. На гэты выпадак трэба мець распісаны пахвілінна сцанар дзеяньняў, бо акно магчымасьцяў будзе 24-48 гадзінаў. Далей сітуацыя або закансэрвуецца ў першы сцанар (“ціхае балота”), бо да ўлады прыдзе маладзейшая версія Лукашэнкі. Або, што больш верагодна, Расея выкарыстае гэтую магчымасьць, каб паставіць у Беларусі пры ўладзе свайго баскака, які будзе паслухмяна выконваць загады Крамля і Лубянкі. Што ў гэтым выпадку станецца праэўрапейскай апазыцыяй, сказаць цяжка. Але будзе кепска.

Ня толькі ў Беларусі думаюць і прапрацоўваюць варыянты дзеяньняў на выпадак сьмерці Лукашэнкі, якая за сабой пацягне разбурэньне вертыкалі ўлады, бо ўся сыстэма ўлады ў Беларусі замыкаецца на Лукашэнку асабіста. Да гэтага рыхтуюцца бліжэйшыя сябрукі Лукашэнкі, да гэтага рыхтуецца Крэмль. Напэўна такія сцанары пішуць і ў заходніх сталіцах. Аднак для іх Беларусь ня ёсьць прыярытэтам, і наўрад ці там плянуюць актыўнае ўмяшальніцтва.

Адзінае месца, дзе такія сцанары дакладна ня пішуцца – гэта асяроддзе беларускай апазыцыі. А дарма. Бо гэта, хутчэй за ўсё, адзіная для яе магчымасьць прыйсьці да ўлады ў бліжэйшыя гады.

Больш таго, беларуская апазыцыя павінная б была думаць ня толькі пра тое, як узяць уладу, але і пра тое, як яе ўтрымаць. Досьвед Украіны паказвае, што калі не распачаць рэформы адразу, далей яны будуць буксаваць. Абсалютна дэмакратычны і рэфарматарскі прэм’ер Яцэнюк са сваім урадам вось ужо год як топчацца на тым самым месцы, бо патрэбныя для рэформаў законы не былі прынятыя Вярхоўнай Радай у першыя тыдні, калі напужаная рэвалюцыяй большасьць галасавала ўсё, што ёй прапаноўвалася. А цяпер любы варты законапраект тоне ў абмяркаваньнях, узгадненьнях і дыскусіях.

Выснова: беларуская апазыцыя павінная мець ня толькі плян узяцьця ўлады на выпадак сьмерці Лукашэнкі, але і сьпіс зь некалькіх дзясяткаў крытычных для рэформаў законапраектаў, якія яна павінная запрапанаваць “нацыянальнаму сходу” (прызначанаму Лукашэнкам) на працягу першага тыдня, пакуль засядаючая там наменклатура ня прыдзе ў сябе ад страху за сваю шкуру. Гэтыя законапраекты павінныя быць напісаныя і чакаць свайго часу.

Чацьвёрты сцанар найгоршы – гэта ўцягваньне Беларусі ў вайну. Няважна якім чынам гэта адбудзецца, але гэта сцанар, які амаль напэўна прывядзе да акупацыі Беларусі Расеяй. У прынцыпе да яго можа зьвесьціся любы з вышэй пералічаных сцанароў: Пуцін настолькі неадэкватны, што ён можа напасьці нават на ціхае лукашэнкаўскае балота, ня кажучы ўжо на рэвалюцыйныя масы ці на новы праэўрапейскі ўрад Беларусі.

У такім выпадку нас чакае лёс акупаванай у 1939-1945 гадах Польшчы: мы павінныя рыхтавацца да зьменаў пасьля вайны і выжываць пад час акупацыі.

Беларусі трэба будзе мець урад у выгнаньні. Магчыма Рада БНР возьме зноў на сябе гэтую ролю. Магчыма лукашэнкаўскія чыноўнікі здолеюць стварыць нешта сваё, і тады Радзе БНР трэба будзе шукаць зь імі паразуменьня ў імя захаваньня еднасьці народу і дзяржаўнасьці. У Беларусі напэўна будзе разгорнуты партызанцкі рух. Але гэты сцанар ужо з галіны вайсковага плянаваньня, і я моцна спадзяюся, што ў беларускім Генеральным Штабе дастаткова патрыётаў, каб рыхтавацца да такога разьвіцьця падзеяў ужо сёньня.

У любым выпадку я хачу паўтарыць яшчэ раз: гэтага сцанару трэба пазьбягаць любым коштам, бо гэта сцанар крыві, пакутаў і з непрадказальным вынікам, які будзе залежыць ад таго, хто ж у выніку пераможа ў глабальным канфлікце, які зараз разгортваецца на нашых вачах.

Мушу яшчэ раз падкрэсьліць – найбольш верагоднае разьвіцьцё падзеяў па гэтым сцанары ў тым выпадку, калі ў Беларусі пачнуцца рэвалюцыйныя выступленьні. І таму мы мусім зрабіць усё магчымае, каб улада ў Беларусі або не мянялася, або, калі будзе мяняцца, то шляхам хуткага перавароту, а не масавых пратэстаў.

Юрась Зянковіч

2

Прадстаўлены  тэкст – гэта спроба прааналізаваць пагрозы і магчымасьці, што існуюць зараз для нашай краіны, і накідаць магчымыя варыянты рэакцыі дэмакратычнай супольнасьці і грамадзтва ў цэлым на той ці іншы сцанар разьвіцьця падзеяў

3

Беларусі трэба будзе мець урад у выгнаньні. Магчыма Рада БНР возьме зноў на сябе гэтую ролю. Магчыма лукашэнкаўскія чыноўнікі здолеюць стварыць нешта сваё, і тады Радзе БНР трэба будзе шукаць зь імі паразуменьня ў імя захаваньня еднасьці народу і дзяржаўнасьці.

-???


Вы здесь » Беларусский Свободный Форум » Что волнует общественность? » Нататкі эмігранта: Чатыры сцанары для Беларусі