14 студзеня 1926 блізу Вялейкі нарадзіўся Янка Філістовіч - сябра Рады БНР, партызан, удзельнiк антысавецкага руху.
Раньнія гады Я. Філістовіча прайшлі ў Заходняй Беларусі. У час Другой Сусьветнай вайны Я. Філістовіч быў мабілізаваны ў 13-ы паліцэйскі батальён; перад прыходам Чырвонай Арміі зьехаў у Нямеччыну.
Пасля вайны Я. Філістовіч перабраўся ў Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбонскім (Францыя) і Лювэнскім (Бэльгія) унівэрсытэтах. Выдаваў часопіс «Моладзь», быў адным зь лідараў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі.
У Парыжы наладзіў кантакт зь Міколам Абрамчыкам, з 11 сакавіка 1951 — сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік ураду БНР.
У сакавіку 1951 узяўся за місію наладжваньня кантакту беларускіх эміграцыйных уладаў з падпольлем на тэрыторыі БССР. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфбэрэн каля Мюнхена, 9 верасня 1951 г. быў накіраваны ў раён, зь якога паходзіў, у складзе амэрыканскага дэсанту.
Праз сваяка Я. Філістовічу ўдалося наладзіць сувязь з партызанскай групай С. Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Ільлянскага раёна з 1949 г. Я. Філістовіч пераняў камандаваньне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць грабяжы і напады на мясцовы актыў.
5 верасьня 1952 г. МГБ БССР правяло апэрацыю з мэтай ліквідацыі групы Я. Філістовіча, але Філістовічу атрымалася ўцячы. Ён меркаваў перайсьці мяжу з Польшчай, але 9 верасня 1952 г. у выніку здрады быў арыштаваны савецкімі карнымі ворганамі.
Судовы працэс над Янкам Філістовічам пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Менску. Я. Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да сьмяротнай кары, якая, як лічыцца, была выкананая пасьля 11 лістапада таго году. Сваякі і паплечнікі Філістовіча былі рэпрэсаваныя.
https://www.facebook.com/radabnr